//

Дзюймовачка

Дзюймовачка

Чароўная гісторыя

big

: 0+

90

П’еса Юрыя Шчуцкага паводле аднайменнай казкі.

Рэжысёр-пастаноўшчык: Уладзімір САВІЦКІ.
Мастак-пастаноўшчык: Ларыса Рулёва.
Кампазітар: Рыгор Уласюк.
Харэограф: Яфім Фадзееў.
Вершы: Янка Лайкоў.

Шаноўныя дзеці!
Вы ўжо ведаеце столькі казак і чароўных гісторый, што вас і не здзівіш. Але ў тэатры іх не толькі расказваюць. Іх паказваюць, таму кожная знаёмая казка выглядае крыху незнаёмай. Усё залежыць ад Чараўніцы, якая ўзялася за справу. Наша тэатральная Чараўніца добрая і спагадлівая, але патрабавальная і строгая. Вы гэта адразу заўважыце. Пра Дзюймовачку яна пачула ад сваёй бабулі, а тая ведала самога Ханса Крысціяна Андэрсэна, казачніка, з якім размаўлялі расліны, жывёлы і птушкі. Аднойчы казачнік гасцяваў у доме, дзе пад страхой гнездзілася Ластаўка і ціліўкала птушанятам пра асабістае знаёмства з Дзюймовачкай. Казачнік распытаў птушку, пераказаў расповед знаёмым дзецям, а потым яшчэ і запісаў, каб такая файная гісторыя не забылася.

Шаноўныя дарослыя!
Ханс Крысціян Андэрсэн захапляўся тэатрам з малых гадоў. Скрыню з лялькамі-марыянеткамі яму змайстраваў бацька, а Ханс Крысціян шыў лялькам сукенкі і пісаў для іх п’есы. У 14 гадоў ён выправіўся ў Капенгаген, “каб зрабіцца знакамітым”, і пачаў менавіта з тэатра: навучаўся вакалу і ў дробных ролях выходзіў на сцэну спяваць і дэкламаваць, а потым – таньчыць. “Троль – спадар Андэрсэн”, – было пазначана ў афішы да аднаго з балетаў…
Тэатр і людзі тэатра адыгралі свае адметныя ролі ў тым, што пісьменнік і драматург Андэрсэн ператварыўся ў выбітнага казачніка, які не адзін раз паўтарыў сваім сучаснікам: “Я буду слугаваць мастацтву, толькі для гэтага я і жыву”. Таму і не дзіўна, што тэатр і людзі тэатра захоплены ягонымі казкамі: “Снежнай каралевай”, “Брыдкім качанём”, “Крэсівам”, “Алавяным жаўнерчыкам”, “Пастушкай і камінарам”, “Русалачкай”… І, вядома, “Дзюймовачкай”. Гісторыяй пра матчыну любоў, якая вядзе па жыцці, бароніць і ратуе дзіця; гісторыяй пра дабрыню, якая спакваля, але моцна авалодвае сэрцамі.
“Дзюймовачка” зазнала шмат пастановак у тэатрах лялечных і драматычных, а таксама пераказаў у мультыплікацыі і анімэ. Адны пераказы блізкія да Ханса Крысціяна Андэрсэна, у іншых цяжка пазнаць першакрыніцу – казку, вядомую з маленства ці не кожнаму еўрапейцу. “Дзюймовачка” абуджае і жывіць фантазію таго, хто намагаецца яе ўвасобіць для іншых, бо спалучае чароўнае і рэальнае, цудоўнае і шараговае, – дарэчы, як і ўсё тое, пра што пісаў Андэрсэн.

Прэм’ера адбылася 22 кастрычніка 2016 года.

11/06/2024
10:30

Дзюймовачка

    Герб
  • tuz.priemnaya@gmail.com