//

ВЕРА КАВАЛЕРАВА

union

ВЕРА КАВАЛЕРАВА

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, артыст драмы, вядучы майстар сцэны

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь (з 1991 г.), вядучы майстар сцэны Вера Ільінічна Кавалерава працуе ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача з 1985 года.

З 8 да 18 гадоў навучалася і працавала на тэлебачанні, брала ўдзел у шматлікіх тэлеспектаклях. За актыўны ўдзел у развіцці радыёвяшчання і тэлебачання ўзнагароджана Ганаровым дыпломам Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні (1965 г.).

У тэатры сыграла каля ста роляў, многія з якіх сталі дасягненнем беларускага сцэнічнага мастацтва і высока адзначаны крытыкай, тэатральнай грамадскасцю, гледачамі.

Сярод лепшых – Маржэнка, Ёнік, Гонзік (”Казачны домік“ М.Стэгліка), Нюра (”Гаўрошы Брэсцкай крэпасці“ А.Махнача), Міколка (”Міколка-паравоз“ А.Вольскага, Р.Баравіка паводле М.Лынькова), Света (”Экзамен на восень“ І.Шамякіна), Кацярынка, Зоська (”Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець“ М.Чарота, Янкі Купалы), Зента (”Прыйдзе чалавечак“ Л.Расеба), Жора (”Аперацыя ”Дарагі Хлопчык“ “ С.Міхалкова), Місіс Эмні (”Кентэрвільскі прывід“ паводле О.Уайльда), Надзя (”Уся Надзея“ М.Рошчына), ”Папялушка“ (”Падонкі“ Я.Главацкага), Ларыса (”Чатыры кроплі“ В.Розава), Чыпаліна (”Чыпаліна і яго сябры“ С.Пракоф’евай, І.Такмаковай паводле Дж.Радары), Шкляны чалавечак (”Петэр Мунк і яго каменнае сэрца“ С.Міціна паводле В.Гаўфа), Парася (”Нельга нам без сябра“ С.Казлова), Элен (”Стваральніца цуду“ У.Гібсана), Канстанс (”Маленькі лорд Фаўнтлярой“ Н.Воранава паводле Ф.Бернэт), Асляня (”Дарога на Віфлеем“ С.Кавалёва), Місіс Сноў (”Паліяна“ паводле Э.Портар), Каралева Мышыльда (”Шчаўкунчык“ Э.Т.А.Гофмана), Рэгедзі Эн (”Шытая лялька Рэгедзі Эн“ У.Гібсана), П'ера (”Крыху пяшчоты“ А.Нікалаі), Хіксі (”Мая маленькая чарадзейка“ О.Пройслера).

Валодае непаўторным і рэдкім на беларускай тэатральнай сцэне амплуа травесці, падрабязна ўдакладняе выразнасць вобразу, адметна ўвасабляе яго ўнутранае развіццё і вонкавы малюнак. З’яўляецца адметным настаўнікам, чый вопыт пераймаюць маладыя артысты тэатра.

Шмат гадоў сумяшчала працу ў Тэатры юнага гледача з работай у Мінскім абласным драматычным тэатры.

Шмат разоў адзначалася граматамі ЦК ЛКСМБ, Вярхоўнага Савета, граматамі і прэміямі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Упраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, гран-пры і дыпломамі фестываляў і аглядаў, дыпломамі і ўзнагародамі Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі, у тым ліку ”Крыштальнай Паўлінкай“ (2011 г.) і медалём Францыска Скарыны (2012 г.).

З 1969 года плённа працуе ў кіно. Сыграла вядучыя і буйныя ролі ў фільмах кінастудыі ”Беларусьфільм“ – ”Снежны конь“, ”Горад майстроў“, ”Эпілог“, ”На спіне ў чорнага ката“. На кінастудыі імя Даўжэнкі адзначаюць яе работу ў фільме ”Містэр Твістэр“ (Марфа). Агучыла безліч кінароляў, сярод якіх галоўныя ролі ў фільмах ”Маленькі сержант“, ”Чырвонае лісце“, ”Паланез Агінскага“ і многіх іншых карцінах Беларусі, Украіны і Расіі. Агучыла больш за 70 мультыплікацыйных стужак, сярод якіх папулярныя ў маленькіх гледачоў ”Лістападзік“, ”Крацяня“, ”Хлопчык і праменьчык“, ”Дыназаўрык“, ”Ты мяне не бойся“, ”Рэактыўнае парася“.

З 1971 г. працуе на радыё. На творчым рахунку больш за 300 радыёспектакляў і перадач. Сярод найбольш значных – ”Мішкавы казкі, слухай, калі ласка“ (7 гадоў у эфіры), ”Хлопчык Бульбінка“ (9 гадоў у эфіры), спектакль у шасці частках ”Расці, Ганька“ паводле А.Васілевіч, цыкл спектакляў паводле твораў Р.Кіплінга.

У бягучым рэпертуары выконвае ролі Асляняці (”Дарога на Віфлеем“ С.Кавалёва), Пьеры (”Крыху пяшчоты“ А.Нікалаі), лялькі Рэгедзі Эн (”Шытая лялька Рэгедзі Эн“ У.Гібсана), Хіксі (”Мая маленькая чарадзейка“ О.Пройслера).

inch
img

    Герб
  • tuz.priemnaya@gmail.com