(февраль)
| Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
|---|---|---|---|---|---|---|
| 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | ||
| 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 |
| 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 |
| 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 |
| 27 | 28 | 29 |
Заказать билеты и получить ответы на вопросы можно, позвонив по любому из этих телефонов:
- 017294-78-72
- 278-95-72
- 310-50-99
- 029335-39-59
А где купить билеты?
Пресса / 23.09.2009
Тэатр – яго родны дом
А пачалося ўсё з таго, што ў красавіку 1956 года дырэктар тэатра Уладзімір Стэльмах запрасіў Артура Вольскага на ўрачыстае адкрыццё створанага ў Мінску Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. (А. Вольскі працаваў тады ў часопісе "Бярозка".) З гэтага часу ён і стаў гарачым прыхільнікам, шчырым сябрам тэатра. Ды і ці магло быць інакш. Ён жа помніў яшчэ даваенны дзіцячы тэатр - Тэатр юнага гледача БССР. Юнаком глядзеў у ім п'есу "Цудоўная дудка", помніў спектакль, актораў. А. Вольскі стаў сваім чалавекам у тэатра. Ён не проста быў у курсе ўсіх тэатральных спраў, а і сам зрабіўся непасрэдным удзельнікам яго жыцця. Не прапускаў ніводнай прэм'еры. Прымаў удзел у рабоце Мастацкай рады - выступаў на абмеркаваннях спектакляў, п'ес. У архіве тэатра захавалася яго выступленне на абмеркаванні спектакля "Юныя мсціўцы" А. Гутковіча і У. Хазанскага ў чэрвені 1957 года. Пераклаў на беларускую мову п'есу "Дзімка-невідзімка" В. Карастылёва і М. Львоўскага (пастаўлена ў снежні 1956 г.). Выступаў у друку з артыкуламі. А неўзабаве і сам стаў аўтарам.
Тэатр ствараў свой нацыянальны рэпертуар. Ужо ў лістападзе 1956 г. на пасяджэнні Мастацкай рады галоўны рэжысёр тэатра Л. Мазалеўская сказала: "Вопытныя драматургі, з імёнамі, для ТЮГа пісаць не хочуць. Разам з намі трэба вырошчваць сваіх драматургаў". Сярод першых такіх "сваіх" драматургаў быў і Артур Вольскі.
Тэатру вельмі патрэбна была казка. І Артур Вольскі разам з Петрусём Макалём, з якім моцна тады сябраваў, напісалі на фальклорным матэрыяле паэтычнае паданне "Асілак Жадан" - пра асілка Жадана, яго верную каханую Галінку, крыважэрнага Цмока і яго прыслужнікаў: з русалкамі, скамарохамі, Гусляром, святочным абрадам Купалля, з чарадзейнай кветкай папараці... 15 кастрычніка 1957 г. А. Вольскі чытаў п'есу на пасяджэнні Мастацкай рады. Прысутныя вядучыя акторы У. Говар-Бандарэнка, К. Пельтцар, Л. Міхайлаў, В. Окалаў адразу "прынялі" яе. А Любоў Мазалеўская пасля агульнай ацэнкі ("добрая паэзія, высакародная чыстата") адразу пачала рабіць аўтарам канкрэтныя заўвагі па дапрацоўцы п'есы. Адзначыла, што пастановачна яна вельмі складаная, але нельга яе збядняць пры стварэнні спектакля. Мастацкая рада ўключыла п'есу ў рэпертуар тэатра.
Любоў Іванаўна даводзіла з аўтарамі п'есу да пастаноўкі, яна ж яе і ставіла. Дарэчы, як казаў А. Вольскі, прыдумала і паэтычную назву - "За лясамі дрымучымі". 30 снежня 1958 г. адбылася прэм'ера. Спектакль атрымаўся маляўнічы, поўны хараства, з яскравым нацыянальным каларытам, насычаны песнямі, танцамі, з карагодамі і пантамімай (музыка Я. Глебава, сцэнаграфія І. Пешкура). У лістападзе 1959 г. спектакль быў паказаны ў Маскве на сцэне Крамлёўскага тэатра (разам з "Папараць-кветкай" І. Козела), дзе выступалі лепшыя калектывы з нацыянальных рэспублік Савецкага Саюза з самымі адметнымі пастаноўкамі. А. Вольскі і П. Макаль выступалі ў Цэнтальным Доме акцёра на творчым вечары тэатра. Спектакль доўгія гады карыстаўся поспехам у гледачоў, у 1965 г. ён быў адноўлены.
У снежні 1963 г. А. Вольскі па прапанове кіраўніцтва тэатра ўзначаліў літаратурную частку. А ў лютым 1966 г., калі з тэатрам развітаўся яго першы дырэктар У. Стэльмах, быў прызначаны на гэтую адказную пасаду і заставаўся на ёй 12 гадоў, устанавіўшы своеасаблівы рэкорд дырэктарства ў ТЮГу.
А. Вольскаму пашчасціла. Ён пазнаў тэатр знутры. Заўважыў тую творчую добразычлівую атмасферу, што панавала ў ТЮГу, незвычайнае супрацоўніцтва, плённы сімбіёз яго стваральнікаў - дырэктара У. Стэльмаха і галоўнага рэжысёра Л. Мазалеўскай. І ў сваёй дзейнасці на пасадзе дырэктара працягваў іх традыцыі. А працаваць яму давялося з такімі галоўнымі рэжысёрамі, як У. Маланкін, Б. Ганага, М. Шыйко, Р. Баравік - асобамі вельмі рознымі як па мастацкіх якасцях, творчых накірунках, так і па характары. І з кожным А. Вольскі імкнуўся знайсці агульную мову, дасягнуць узаемаразумення і згоды, зладжанасці ў рабоце. Стаўленне А. Вольскага да тэатра лепш за ўсё выявілася ў яго выказванні на абмеркаванні генеральнай рэпетыцыі спектакля "З любімымі не раставайцеся" А. Валодзіна на пасяджэнні Мастацкай рады ў снежні 1972 г.: "Я не ведаю большай радасці за творчую, і гэтую радасць мы ўсё часцей і часцей перажываем".
Пры А. Вольскім-дырэктары ТЮГ жыў актыўным, цікавым жыццём. Апроч звычайных напружаных творчых будняў былі і святочныя дні. Ладзіліся капуснікі, пагалоска пра якія ішла па горадзе, праходзілі вечары маладых акцёраў.
ТЮГ удзельнічаў ва ўсесаюзных і рэспубліканскіх фестывалях (1969, 1972), у фестывалях маладзёжных тэатраў Прыбалтыкі і Беларусі ў Рызе (1973) і Таліне (1977), рэспубліканскіх аглядах творчай моладзі (1973), на базе ТЮГа была праведзена саюзная канферэнцыя "Бранцаўскія чытанні" (1972).
І калі размаўляеш сёння з тымі, хто яшчэ застаў А. Вольскага-дырэктара, усе аднадушна адзначаюць яго дзелавыя і чалавечыя якасці. Інтэлігентны, разважлівы, вытрыманы, ён добра ўплываў на калектыў. Ставіўся з павагай да любога, творчага ці тэхнічнага супрацоўніка. Яму была ўласціва вытрыманая форма зносін з калектывам нават у вострыя моманты, якіх у жыцці тэатра хапала. Паспешлівых рашэнняў не прымаў. Важныя пытанні вырашаў дакладна, спакойна, вынікова, з веданнем справы. Гастролі заўсёды былі арганізацыйна падрыхтаваныя.
Акцёр і пісьменнік Анатоль Жук адзначыў такую рэдкую якасць для драматурга, як сціпласць: "А. Вольскі ніколі не прапіхваў сваіх п'ес у тэатр, калі імі не зацікавіліся". (Нагадаем, што п'есы А. Вольскага з поспехам ішлі ў Купалаўскім тэатры, у лялечных тэатрах.)
У пачатку 1990-х гадоў у ТЮГу агульнымі намаганнямі мастацкага кіраўніка М. Абрамава, загадчыка педагагічнай часткі Ф. Модэля і загліта А. Вольскага пры згодзе тагачаснага дырэктара І. Андрэева быў створаны тэатр-ліцэй (з разлікам на 100 вучняў у глядзельнай залі). Урокі-спектаклі пачыналіся з таго, што на сцэне з'яўляўся А. Вольскі, запальваў свечку і пачынаў распавядаць пра нашых слынных дзеячаў культуры - Янку Купалу (спектакль "І прыйдзе новых пакаленняў...", 1992) ці Міхася Чарота ("Абарваная песня", 1993), пасля чаго акцёры ігралі п'есы-жарты гэтых аўтараў - адпаведна "Прымакі" Я. Купалы ці "Мікітаў лапаць" М. Чарота. Расказваў А. Вольскі проста і ў той жа час артыстычна, з захапленнем баіў пра тое, аб чым не пішуць у падручніках. І яго слухалі. А ён стараўся перадаць гледачам сваю любоў да Бацькаўшчыны, яе культуры, роднай мовы. А з 1994 года А. Вольскі распавядаў яшчэ пра жыццё і творчасць Цёткі, акторы разыгрывалі яго п'есу "Далучэнне" пра апошнюю ноч Алаізы Пашкевіч, спецыяльна напісаную ім для ліцэйскіх заняткаў.
Паэт, драматург А. Вольскі на працягу 15 гадоў (1963-1966, 1988-2000) узначальваў літаратурную частку тэатра. Ён быў ахоўнікам і заканадаўцам мовы ў ТЮГу. Шанаваць і любіць беларускую мову ён заклікаў акцёраў. І не дэкларатыўнымі лозунгамі. А. Вольскі ўвёў у тэатры традыцыю: назіраць за мовай актораў на спектаклях. На дошцы са словамі Адама Міцкевіча пра багацце і чысціню нашай мовы вывешвалі лісты: як прагучала слова і як правільна (і коратка - чаму). А каб нікога не пакрыўдзіць (гэта зусім у яго стылі), прозвішчы актораў не пісалі, а толькі рэплікі персанажаў. На жаль, гэтая традыцыя страчана, засталіся толькі словы А. Міцкевіча".
А. Вольскі быў "безумоўным аўтарытэтам" - так назваў яго М. Шыйко ў праграмцы да спектакля "Шчаслівыя жабракі", літаратурным кансультантам якога ён быў. А калі ў тэатр прыйшоў новы мастацкі кіраўнік А. Андросік, можна сказаць, што яго галоўным дарадцам быў А. Вольскі. Цэлымі днямі ён праседжваў у кабінеце Андрэя Фёдаравіча, дапамагаў яму ўваходзіць у курс спраў тэатра.
Распавядаць пра А. Вольскага можна яшчэ і яшчэ. Так, актор Міхаіл Лявонцьеў успамінаў, як лёгка, прыгожа, натуральна гучала слова ў перакладзеных ім на беларускую мову п'есах. А такіх было не менш за 20. На сцэне тэатра ішлі ў перакладах Вольскага: "Прыгоды Бураціна" паводле А. Талстога, "Зялёная птушка" К. Гоцы, "З любімымі не раставайцеся" А. Валодзіна, "Чайка" А. Чэхава, "Голы кароль" Я. Шварца, "Маленькі лорд Фаўнтлярой" паводле Ф. Бернет, "Паліяна" паводле Э. Портар і інш. Апроч ужо названых у тэатры былі пастаўлены яго п'есы: "Міколка-паравоз" паводле аповесці М. Лынькова (напісаныя разам з Р. Баравіком), "Як я быў вундэркіндам" (з У. Машковым), "Сабака Баскервіляў" паводле А. К. Дойла. Пяру А. Вольскага таксама належаць вершы песень у спектаклях "Квартэт Алямбар" М. Віннікава, "Любіць - не любіць" Т. Кажушніка, "Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець..." паводле М. Чарота і Я. Купалы і інш. Ён быў літаратурным кансультантам спектакля "Подых навальніцы" паводле І. Мележа.
Артур Вольскі быў удзельнікам Айчыннай вайны, меў баявыя ўзнагароды. Сапраўдны патрыёт, ён стараўся перадаць усім - найперш дзецям - любоў да нашай роднай Бацькаўшчыны, сваю захопленасць адраджэннем беларускай нацыянальнай культуры. Яго хваляваў лёс будучыні нашай краіны - дзяцей. (Дзіцячую аўдыторыю добра ведаў па часопісах "Бярозка" і "Вясёлка", дзе працаваў яшчэ да тэатра.) І не проста хваляваў. А. Вольскі клапаціўся аб развіцці іх літаратурна-мастацкіх здольнасцяў - кіраваў творчым клубам "Надзея" (аб'ядноўваў ліцэістаў розных школ Мінска - будучых паэтаў, журналістаў; семеснымі намаганнямі выдаваўся рукапісны часопіс "Натхненне"), прывіваў любоў да роднага слова на ўроках літаратуры ў 176-ай школе (ва Уруччы).
А галоўным для яго заўсёды быў і заставаўся Тэатр юнага гледача. Артур Вольскі верай і праўдай служыў тэатру, шчодра аддаваў яму свой талент, паэтычны дар, энцыклапедычныя веды і цеплыню сваёй душы. Вакол яго заўсёды існавала нейкая асаблівая аўра добразычлівасці і сардэчнасці. І да апошняга часу (пайшоў з жыцця ў верасні 2002 г.) ён заставаўся нашым спагадлівым і зацікаўленым сябрам і дарадцам, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу. Яго не стае ў тэатры. І сёння можна пачуць, што вось Артур Вольскі параіў бы, як лепш зрабіць, падказаў бы больш дакладнае слова...
23 верасня Артуру Вольскаму споўнілася б 85 гадоў. Яго не забываюць. Жывуць і яго творы. У 2007 г. у Тэатры юнага гледача пастаўлена п'еса "За лясамі дрымучымі" (рэжысёр Н. Башава) - спектакль названы "Таямніцы блакітных азёр". У верасні 2009 г. Беларускі паэтычны тэатр аднаго актора "Зьніч" паказвае спектаклі "Вясёлая каруселя" паводле вершаў, загадак А. Вольскага (выканаўца актрыса Л. Горцава) і лялечны монаспектакль "Граф Глінскі-Папялінскі" паводле яго ж п'есы (выканаўца - актор Вячаслаў Шакаліда).


, интернет предоставлен