Барыс Барысёнак

Заслужаны артыст РэспублIкi Беларусь
Артыст, вядучы майстар сцэны

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (з 1968 г.), вядучы майстар сцэны Барыс Васільевіч Барысёнак працуе ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ад часу яго заснавання – з 1956 года. Запрошаны ў тэатр першым галоўным рэжысёрам Мазалеўскай Л.І. Стаў легендай беларускага тэатральнага мастацтва.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – Беларуская акадэмія мастацтваў).

Артыст з выдатнай прафесійнай школай, вялікім вопытам  сцэнічнай і тэлевізійнай  дзейнасці і працы на радыё. Вызначаецца яркай індывідуальнасцю, самабытнай сцэнічнай выразнасцю, адметным пластычным малюнкам, густам, высокай культурай выканання.

Сыграў каля ста дваццаці роляў гераічнага, характарнага і казачнага плану. Выкананне некаторых прызнана ўзорным і названа залатым фондам Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Сярод лепшых – Бобчынскі (”Рэвізор“ М.Гогаля), Васіль (”Над хвалямі Серабранкі“ І.Козела), Дон Луіс (”Дама-невідзімка“ П.Кальдэрона), Багдановіч (”Зорка Венера“ М.Алтухова і Б.Бур’яна), Аграноўскі (”Горад на світанні“ А.Арбузава), Людовік ХІV (”Тры мушкецёры“ М.Рэхельса паводле Дзюма-бацькі), Кум Гарбуз (”Прыгоды Чыпаліна“ С.Багамазава і С.Коласавай паводле Дж.Радары), Воўк (”Адчыніце, казляняткі!“ П.Макаля), сеньёр Хамелеон (”Выкраданне цыбулін“ М.К.Машаду), Майстар (”Крыштальнае сэрца“ Л.Усцінава), Антоніё (”Дванаццатая ноч“ У.Шэкспіра), дзед Талаш (”Партызанская ёлка“ К.Губарэвіча), Чарлз Баскервіль (”Сабака Баскервіляў“ А.Вольскага паводле А.К.Дойла), пастар Мартаўн (”Маленькі лорд Фаўнтлярой“ Н.Воранава паводле Ф.Бернэт), Нэніл (”Крыху пяшчоты“ А.Нікалаі).

Творчая дзейнасць Барыса Барысёнка – гэта вялікі ўнёсак у развіццё беларускай выканаўчай школы. З’яўляецца адметным настаўнікам, чый вопыт пераймаюць маладыя артысты тэатра.

Неаднаразова адзначаўся Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарвыканкама, у тым ліку ордэнам Францыска Скарыны (2014 г.).

У бягучым рэпертуары тэатра выконвае ролі Нэніла (”Крыху пяшчоты“ А.Нікалаі), чытае вершы ад імя Якуба Коласа (”Міхалава зямля“ Якуба Коласа).

 

 

Спектаклi ў Тэатры юнага гледача

Сiняя Птушка (Дзядуля Ціль)
Мiхалава зямля (Ад iмя Якуба Коласа)

Асобы тэатра