Замовіць квіткі і атрымаць адказы на пытанні можна, патэлефанаваўшы на любы з гэтых тэлефонаў:
- 017294-78-72
- 278-95-72
- 310-50-99
- 029335-39-59
А дзе набыць квіткі?
Прэса / 16.07.2009
Узвышана зоркавы і незвычайна зямны
(Сяброўскія штрыхі да партрэта ў юбілейныя дні артыста, паэта, пісьменніка А.Жука)
Яму -60! І самому не верыцца, што за плячыма такі вялізны стос гадоў і перажытых жыццяў на сцэне, у вершах, у аповесцях, апавяданнях, сцэнарыях, тэлевізійных і мастацкіх фільмах, рамане "Бульвар".
Я думаў, што даўно ўжо памёр, -
Я быў паэт, пасля я стаў акцёр -
А я жыву! І сэрца маё б'ецца.
Ці то напраўду? Ці то мне здаецца?
Ён - мудры. Таму і не дзіўна, што ўмее спраўляцца з самім сабой, не прападае ў багемнай бездані ці ва ўзарваным вулкане супярэчнасцей. Затое надзіва таленавіты, узвышана зоркавы і незвычайна зямны. Многія гэта бачаць, але, напэўна, прытвараюцца сляпымі, тым самым распісваючыся ў сваёй бездапаможнасці перад геніем, моцным і дужым Чалавекам, які мужна і цярпліва чакае да сябе вартай увагі і павагі, нікога не прыніжаючы, не расчыняючы дзвярэй адным штуршком нагі. Хаця іншы раз і не шкодзіла б дзейнічаць адпаведна тым адносінам, якія ўжо не адзін год адчувае на сваёй тоўстай шкуры заслужаны артыст Беларусі, таленавіты пісьменнік, яркі паэт, прызнаны сцэнарыст Анатоль Аляксандравіч Жук, які пра сябе сціпла заяўляе:
Мой агонь - дык не болей, як месяц
Можа высветліць шлях напаказ.
Вось таму не будую я лесвіц,
Каб узлезці вышэй на Парнас.
Надзея Белахвосцік у 1999 годзе ў газеце "Вечерний Минск" за 24 мая падкрэсліла, што "...адна з рэспубліканскіх газет памылілася, прадставіўшы юбіляра народным артыстам. І, гаворачы праўду, была недалёка ад ісціны - афіцыйнае прызнанне вельмі часта прыпазняецца".
Гады пралятаюць як адно імгненне. "Афіцыйнага прызнання" ўсе гэтыя дзесяць гадоў чакаюць сябры, калегі па працы, толькі сам юбіляр ужо не чакае яго, шчыра жадаючы не хварэць, каб яшчэ пажыць на абранай лёсам роднай зямлі. Вось што пра гэта гаворыць сам Анатоль Аляксандравіч: "Як ні банальна, баюся страціць здароўе. За яго часта падымаюць тост і ў маладосці, але неяк бяздумна, не аддаючы справаздачы, як на самай справе гэта важна".
І... чакае новых роляў у родным тэатры, без якога не ўяўляе свайго жыцця.
Пасля смерці любімага рэжысёра Андрэя Андросіка не сыграў амаль ніводнай новай ролі. Так у тэатры здараецца... Ну не бачыць яго другі рэжысёр, і нічога з гэтым не зробіш. Гэта, як у каханні: сілай мілы не будзеш. І ў перыяд "прастою" ў сваёй свядомасці паступова перавёў тэатр у захапленне - гэта своеасаблівая абарона ад болю. І пачаў многа пісаць, ратуючыся літаратурай. Канечне, і ў тэатры іграе, яшчэ ёсць спектаклі са старога рэпертуару. Багіня Мельпамена аднойчы прываражыла яго...Ніколі не марыў стаць артыстам. Хацеў пайсці ў журналістыку, а сябар угаварыў паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут. Экзамены пачыналіся на месяц раней, чым у астатніх вну. І ні разу не пашкадаваў у выбранай прафесіі. Адкуль гэта ў яго? Відаць, генетычнае: бацька скончыў духоўную семінарыю ў Жыровічах. Але сан святара не прымаў: днём служыў у царкве, а вечарам ішоў у клуб іграць спектакль. Ён быў выдатны акцёр. Да таго ж пісаў вершы.
Пасля інстытута А.Жук паехаў у Бабруйск, правінцыйны мілы гарадок, дзе адкрыўся новы тэатр. За тры гады, якія там прабыў, сыграў каля 50 роляў. Дарэчы, менавіта ў гэты час атрымаў сваю першую ўзнагароду за ролю Нік-Ніка ў п'есе Бурсана і Панко "Нік-Нік, ці Дон Кіхот з праектнага бюро", якую маладыя артысты паставілі ў 1971 годзе. Тады на фестывалі румынскай драматургіі Анатолю Жуку ўручылі грамату Міністэрства культуры СССР за подпісам Фурцавай. Потым, у 1975 годзе, быў запрошаны ў ТЮГ.
Сыграныя ім ролі адпавядаюць жанравым і стылявым асаблівасцям драматургічных твораў. Значнае месца сярод іх займаюць казачныя персанажы, у якіх звычайна падкрэслівае дамінуючую рысу, дэманструе выразную пластыку. Сярод іх: Тыгр ("Як выкралі Сафі" В.Белшавіцы), Каваль ("Рыгорка - ясная зорка" А.Вярцінскага) і інш. Актыўнасць жыццёвай пазіцыі характарызуюць створаныя ім вобразы мужных, валявых людзей: "Жухрай" ("Як гартавалася сталь" паводле М.Астроўскага), Заслонаў ("Паядынак" М.Матукоўскага), Міканор (Подых навальніцы" паводле І.Мележа. сярод іншых роляў: Іван Цюхай-Ліпскі ("Пінская шляхта" В. Дуніна-Марцінкевіча), Білі Бонс ("Востраў скарбаў" па Р.Стывенсану), Міхель Галандзец ("Петэр Мунк і яго каменнае сэрца" паводле В. Гаўфа). Выканаў ролі ў тэлевізійных пастаноўках "Тайная вячэра" ("Наш актыў") У.Траццякова, "Вочы ў вочы" Я.Сіпакова, "Зямлі яшчэ баліць" П.Панчанкі, "Варшаўскі шлях" А.Куляшова, у тэлефільмах "Новая зямля" паводле Я.Коласа, "Мая справа цялячая" паводле К.Чорнага, "Сівая легенда" паводле У.Караткевіча. зняўся ў мастацкіх кінафільмах "Пушча", "Маці ўрагану", "Душа мая Марыя".
На 50-годдзі ў час бенефісу сябры адзначылі здольнасці Анатоля жартоўным запамінальным чатырохрадкоўем:
На ролі розныя багаты,
Дамогся шмат, прабіўся ў друк.
Глядзіце, вось ён - нежанаты,
Прыгожы, дужы, Толя Жук!
На пытанне, якія самыя любімыя ролі, заслужаны артыст Беларусі, не задумваючыся, скажа: Важака са спектакля "Бэмбі" (атрымаў за гэту ролю прэмію Ленінскага камсамола), Мудзафера са "Шчаслівых жабракоў", графа Дарынкура з "Маленькага лорда Фаўнтляроя". Гэта аповесць англа-амерыканскай пісьменніцы Фрэнсіс Бернэт запрашае нас з вамі задумацца і ўгледзецца ў сваё ўласнае жыццё, як угледзеўся ў яго галоўны герой (А. Жук) і назаўсёды змяніў свае ўяўленні пра людзей.
Прыйдзіце ў тэатр юнага гледача на спектаклі з удзелам (спадзяёмся, у хуткім часе народнага артыста Беларусі), смелага і сціплага адначасова, мудрага і таленавітага Анатоля Жука, каб таксама стаць яшчэ больш добрымі, шчырымі і прыгожымі, як ЯГО героі. Калі знойдзеце час, то зазірніце ў кінатэатр, каб пабачыць новую кінастужку "Кадэты" рэжысёра Віталя Дудзіна - дынамічную вострасюжэтную драму, дзеянне якой разгортваецца ў Заходняй Беларусі ў першае пасляваеннае лета. Праца над гэтай стужкай сталася магчымай дзякуючы таму, што літаратурная першааснова Анатоля Жука была летась адзначана ў конкурсе сцэнарыяў, праведзеным "Беларусьфільмам". З гэтай нагоды ў чарговы раз віншуем юбіляра, як і з яго пенсійным узростам! А на пенсіі - жыццё толькі пачынаецца! Так што, дарагі дружа, ненапісаныя вершы напішуцца, несыграныя ролі сыграюцца. Будзем чакаць і верыць, як верыш ТЫ.
Пачну з таго, што буду верыць!
І ў гэтым кроплі не схлушу.
Не зачыняю ў хату дзверы,
Гасцей за стол свой запрашу.
Няхай жа адчыняюцца дзверы тэатра для новых і новых гледачоў, расплюшчваюцца вочы невідушчых, раскрываюцца шчырасцю і дабратой сэрцы насцеж усіх, хто так ці іначай дакранаецца да гэтага магутнага, дужага і цярплівага Чалавека, і не перашкаджаюць яму ісці па шляху, аднойчы правільна абраным!
ВЕРА БУЛАНДА
З ТАБОЮ МАЙ СВІТАЛЬНЫ
(Анатолю Жуку да 60-годдзя)
Хоць цвіце яшчэ век мой дарожны,
Ды ў сабе я прыкмеціў нямала:
Мне жыццё стала сумам астрожным,
Непатрэбшчынай нейкаю стала.
А.Жук
Каб табе зноў сумам астрожным
Не зрабілася рэшта лёсу,
Шчыра, смела і асцярожна
Запрашаю расплесці косы
Тым бярозкам, што ў родным краі,
У Ярэмічах, над ракою -
Бацькам Нёманам што называюць -
Як і ты, ён не знае спакою.
Дужа сэрца не растрывожу,
Узгадаўшы, што сам ты дужы,
То навошта той сум астрожны?
То навошта вясною сцюжа?
Ты на ўсё сёння маеш права:
Быць Дабрынем ці Міканорам,
Дарынкурам, вядомым графам,
Зазірнуўшы ў сваё учора.
Толькі, ведаеш, сум астрожны
Кінь на лес той, ці ў багне знішчы,
"Хай цвіце яшчэ век твой дарожны",
Як Ярэмічы з Азярышчам.
"Хоць паэт, ты, вядома, не першы",
Ды - артыст з імем гучным і звонкім,
Твае ролі - як шчырыя вершы,
Што ўслаўляюць і род і старонку.
Ты не просты ў жыцці падарожны -
А нягаснучай свеціш зоркай,
Каб другім не было астрожна,
Каб не сумна было, не горка.
Пакланіся зайздроснаму лёсу
І скажы сам сабе, што можна
Зноў ісці па халодных росах
І забыцца на асцярожнасць.
І забыцца на адзіноту,
Азірнуцца - убачыць трэба,
Што пад выдумкай-пазалотай
Слова - як сяброўскае срэбра.
І збіраюцца хай налівы
Ў родным садзе і роднай сцэне.
Сто гадоў адзначыць шчасліва,
Можна й больш, каб толькі з натхненнем!
Не сумуй, не тужы...Вітальна
Сустракай свой час не самотны,
"Бо з табою твой май світальны,
Бо з табою нябёсаў грымоты!"
(люты)

, інтэрнэт прадстаўлены