На сцэне (люты)
ПнАтСрЧцПтСбНд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29

» Спектаклі ў сакавіку

Замовіць квіткі і атрымаць адказы на пытанні можна, патэлефанаваўшы на любы з гэтых тэлефонаў:

  • 017294-78-72
  • 278-95-72
  • 310-50-99
  • 029335-39-59
Дзе мы знаходзімся, ведаеце?

А дзе набыць квіткі?
Пошта ТЮГа

Ваш e-mail: *
Ваша імя: *

Прэса / 30.08.2003

Талент прыгажосці і дабрыні

часопіс "Мастацтва" №8/2003

На акцёрскім курсе тэатральнамастацкага інстытута набору 1959 года было шмат дзяўчат-прыгажунь. Вытанчаная, арыстакратычная Іра Аксакава (дарэчы, апошняя прадстаўніца старажытнага дваранскага роду), ружовашчокая, пухленькая Тамара Мужэнка, па-ўсходняму экзатычная Валя Пеўзнер, загадкавая, шляхетная Ядзя Бычкова... Сярод іх сваёй адметнасцю, непаўторнасцю вылучалася Жанна Друцкая. Яе знешнасць не была кідкай, яркай, але вабіла славянскай пяшчотнасцю, жаноцкасцю, цеплынёй. Высокая, светла-русая, з вялікімі блакітнымі вачыма, Жанна нагадвала казачную гераіню, накшталт Васняцоўскай Алёначкі. Яе хараством захапляліся фотакарэспандэнты, студэнты-мастакі, якія неаднойчы прапаноўвалі дзяўчыне ролю фотамадэлі і натуршчыцы. Аднак прыроджаная сціпласць, аскетызм бацькоўскага выхавання і строгасць педагогаў не дазвалялі пераступіць небяспечную па тагачасных уяўленнях мяжу.

Нарадзілася Жаннета Друцкая 31 снежня 1941 года у Бабруйску. Яе бацька быў ваенны, таму з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны мабілізаваўся на фронт, а маці з дачкой і сынам эвакуявалі ў Сібір. Пасля вызвалення Беларусі сям'я вярнулася на Радзіму і, адшукаўшы бацьку, заснавалася ў горадзе Чачэрску Гомельскай вобласці. Мара стаць актрыcaй з'явілася ў Жанны яшчэ ў школьныя гады, і гэтаму шмат у чым паспрыяла настаўніца літаратуры Валянціна Іванаўна Папова. Пад яе кіраўніцтвам вучні чыталі п'есы па ролях, разыгрывалі іх перад гледачамі. Асабліва запомнілася Кацярына з «Навальніцы» Астроўскага, чый трагічны лёс да слёз кранаў дзяўчыну. Надзвычайным узрушэннем стала першае знаёмства з прафесійным калектывам падчас гастроляў у Чачэрску Тэатра юнага гледача. Незабыўнае ўражанне пакінулі акцёры В.Лебедзеў і С.Мацюкевіч. Ці магла тады васьмікласніца Жанна Друцкая нават уявіць сабе, што калі-небудзь стане іх раўнапраўнай партнёркай на тюгаўскай сцэне?!

Першая спроба паступіць на акцёрскі факультэт скончылася няўдачай. Конкурс быў велізарны - больш за 30 чалавек на адно месца. Але рашучасць і воля, з дзяцінства ўласцівыя Жанне, перамаглі, і ў 1959 годзе яна становіцца студэнткай тэатральна-мастацкага інстытута. Набіраў курс вядомы акцёр, рэжысёр, педагог Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў, аднак здымкі у фільме «Чырвонае лісце» прымусілі яго часова перапыніць працу ў інстытуце. Мастацкае кіраўніцтва курса ўзначаліў вучань Ю. Завадскага Барыс Нічыпаравіч Дакутовіч, рэжысёрам-педагогам была прызначана вучаніца Е.Міровіча, славутая актрыса Купалаўскага тэатра Вольга Уладзіміраўна Галіна. Гэта быў цудоўны педагагічны дуэт, які на практыцы доўжыў традыцыі рускай і беларускай акцёрскай школы, далучаў студэнтаў да высокай тэатральнай культуры. У адносінах да прафесіі Б.Дакутовіч быў вельмі патрабавальны, нават жорсткі. Разам з тым ён зачароўваў энцыклапедычнай эрудыцыяй, інтэлігентнасцю, незвычайнай абаяльнасцю. Як педагог, ён тонка адчуваў характар, унутраную прыроду сваіх вучняў і да кожнага меў індывідуальны падыход. Б.Дакутовіч быў катэгарычна супраць, каб студэнты здымаліся ў кіно і на тэлебачанні, гэта, на яго думку, перашкаджала вучобе. I ўсё ж такі, калі Жанна Друцкая на 2-ім курсе была зацверджана на ролю медсястры Надзі ў фільме «Вуліца малодшага сына», ён нечакана адпусціў яе на здымкі ў горад Керч. Праўда, адразу ж паслаў наўздагон ліст, дзе настойліва патрабаваў ад рэжысёра Л.Голуба беражліва ставіцца да маладой артысткі і не дазваляць у адносінах да яе ніякіх вольнасцяў. Такі нечаканы ўчынак быў сустрэты «кіношнікамі» даволі іранічна і адначасова выклікаў павагу да педагога, які па-бацькоўску клапаціўся пра сваю вучаніцу.

А вось працу студэнтаў у спектаклях драматычных тэатраў Б.Дакутовіч падтрымліваў і ўхваляў. У 1963 годзе ў Мінск на гастролі прыехаў Маскоўскі акадзмічны тэатр імя У.Маякоўскага. Дзеля эканоміі сродкаў рэжысер М. Ахлопкаў назбіраў удзельнікаў масавых сцэн у тэатральна-мастацкім інстытуце. Сярод шчасліўчыкаў аказалася і Жанна Друцкая, якая прыняла ўдзел у спектаклях «Іркуцкая гісторыя» па п'есе А.Арбузава, «Гамлет» па трагедыі У.Шэкспіра і «Медэя» паводле Еўрыпіда. На ўсё жыццё актрыса запомніла тое, без перабольшання, свяшчэннае трапятанне, якое адчула побач з карыфеямі рускай сцэны М.Бабанавай, Ю.Глізер, М.Штраухам, Я.Козыравай, Я.Самойлавым. Прыгадвае Ж. Друцкая і даволі смешны выпадак, які адбыўся на спектаклі «Гамлет». У сцэне «Пастка» пасля рэплікі «Агню! Агню!» усе павінны былі бегчы на верхні ярус памоста, дзе сядзелі Клаўдзій і Гертруда. Жанна, як самая паслухмяная, прыбегла першая і стала паміж крэсламі караля і каралевы, ды яшчэ і ўчапілася за іх рукамі. I раптам драматызм моманту парушыў нечы мяккі, але настойлівы шэпт: «Дзіцятка, адыдзіце, калі ласка, убок». Гэта быў выканаўца ролі Палонія народны артыст СССР Л.Свердлін, чыю мізансцэну парушыла старанная студэнтка.

Дэбют Ж. Друцкай на прафесійнай сцэне адбыўся ў 1962 годзе, калі Б.Дакутовіч, галоўны рзжысёр ТЮГа, пачаў займаць сваіх вучняў у спектаклях тэатра. Спачатку былі ўводы ў пастаноўкі бягучага рэпертуару: «Клоп» У.Маякоўскага (масоўка), «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела (Зоська). «Не верце цішыні» паводле I. Шамякіна (Галіна Аркадзьеуна). Першай самастойнай роляй, на якую студэнтка Жанна Друцкая была прызначана асноўнай выканаўцай, стала роля Святланы ў спектаклі «Старацелі» па п'есе А.Пралоўскага. П'еса ўяўляла сабой тыповы узор тагачаснай савецкай драматургіі. Дзеянне адбывалася на будоўлі чыгункі ў Сібіры. Канфлікт выяўляўся праз сутыкненне розных светапоглядаў - сумленнага працаўніка Фёдара Баева і цынічнага эгаіста Васіля Пагуляя. Адмоўны герой, як і належала, цярпеў паражэнне. Яго пакідалі не толькі маладыя будаўнікі, якія спачатку падпарадкоўваліся моцнаму лідэру, але нават і каханая дзяўчына Святлана. Пагуляй заставаўся ў адзіноце. Нягледзячы на схематызм драматургічнага матэрыялу, Ж.Друцкая здолела напоўніць сцэнічны вобраз свежымі, жывымі рысамі. Станоўча паўплывала на творчы вынік і тое, што яе партнёрам у ролі Пагуляя быў таленавіты П.Дубашынскі. Святлана вабіла шчырасцю і непасрэднасцю пачуццяў, сілай характару, якая дапамагала ёй пераадолець душэўнае расчараванне.

У 1963 годзе Жанна Друцкая была залічана ў трупу ТЮГа. Пачатак творчага шляху маладой актрысы адбываўся ў даволі спрыяльных умовах. За яе першымі крокамі на прафесійнай сцэне сачыў любімы педагог Б.Дакутовіч. Акрамя таго, ёй пашчасціла некалькі гадоў працаваць з цудоўным майстрам Любоўю Іванаўнай Мазалеўскай, якая ашчадна захоўвала традыцыі тэатра і перадавала іх моладзі. Пад яе кіраўніцтвам на рэпетыцыях спектакляў «Дама-невідзімка» па п'есе П.Кальдэрона і «Гардзячка» на п'есе Т.Ян Жанна набывала неацэнны вопыт спасціжэння асноў прафесіі. Спецыфіка дзіцячага тэатра абумоўлівае разнапланавасць і шырокі дыяпазон рэпертуару, разлічанага як на дарослую аўдыторыю, так і на падлеткаў. Гэта патрабуе ад акцёраў асаблівай прыроды пачуццяў, арганічнасці, унутранай гнуткасці. Ж.Друцкая іграе шмат. Яе Анна Аўстрыйская («Тры мушкецёры» паводле А.Дзюма), Царыца («Пушкінскія казкі»), Баранеса («Голы кароль» Я.Шварца) уражваюць прыгажосцю, велічнасцю, вытанчаным артыстызмам. У спектаклях-казках «Я спяшаюся за летам» В.Пальчынскайтэ і «Адчыніце, казляняткі!» П.Макаля вобразы Нарцыса і Каваліхі вабяць абаяльнасцю, вынаходлівым пластычным малюнкам. Дакладнае адчуванне прыроды камедыйнага актрыса ныявіла ў вострахарактарных ролях Паланеі («Прымакі» Я.Купалы) і Аграфены Кандрацьеўны («Банкрут» А.Астроўскага). Разам з тым менавіта ТЮГ, як ніводны іншы тэатр, у сваёй творчасці адчуваў ідэалагічны прэсінг. Гэта уплывала на рэпертуар і акцёрскую творчасць. Абавязковае патрабаванне прысутнасці на сцэне высокамаральнага станоўчага героя як узору для пераймання абумовіла з'яўленне шэрага схематычных спектакляў, пабудаваных на дакументальнай аснове з рэальнымі гістарычнымі персанажамі.Пры іх увасабленні рэжысёры і акцёры вымушаны былі пераадольваць прымітывізм і дыдактыку п'ес. Не абмінуў такі лёс і Ж.Друцкую, якой давялося іграць Аду - сястру Марата Казея ў аднайменным спектаклі П.Макаля і Альдону - сястру Фелікса Дзяржынскага ў пастаноўцы «Юнацтва рыцара» В.3уба. Але былі і выключэнні.

П'еса «Налёт» У.Мехава таксама была заснавана на дакументальным матэрыяле і прысвячалася подзвігу гомельскай лётчыцы Галіны Дакутовіч, якая загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яна была правобразам галоўнай гераіні Валі Галубовіч. Спектакль пабудаваны як успаміны яе сяброў Паўла, Расціслава і Жэні, для якіх Валя засталася сімвалам маладосці, маральным эталонам у жіцці. Ж.Друцкая іграла ролю Жэні, былога камандзіра жаночага авіяцыйнага палка. Складанасць заключалася ў тым, што ёй даводзілася пераадольваць узроставы бар'ер: яе гераіня у розных сцэнах паўставала то маладой дзяўчынай, то сталай жанчынай. Выканаўца цудоўна справілася з пастаўленай задачай, выявіла здольнасць да знешняга і ўнутранага пераўвасаблення. Калегі па сцэне, крытыкі аднадушна ўхвалілі гэтую работу. У прыватнасці, крытык Л.Брандабоўская у газеце «Знамя юности» (1969, 12 лістапада) адзначыла «шчырасць і душэўную шчодрасць юнай Жэні, якія так добра прыкмеціла актрыса...». Высока ацаніў работу актрысы і aўтар п'есы, які напісаў на праграмцы: «Колькі разоў гляджу спектакль і не перастаю Вамі любавацца... Дзякуй Вам, Жанначка! Уладзімір Мехаў». Пачуццё творчага задавальнення пакінула і роля Юны Морыц у пастаноўцы «Чалавек, падобны да самога сябе» па п'есе З.Папернага, прысвечанай жыццю і дзейнасці Міхаіла Святлова.

Як і ў кожнага акцёра, у Ж.Друцкай ёсць ролі асабліва любімыя і найбольш дарагія. Акрамя названых, гэта - Ірына («3 любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна) і Люся («Апошні тэрмін» паводле В.Распуціна). Абодва сцэнічныя творы мелі характар смелага эксперыменту і ставілі перад акцёрамі неверагодна складаныя задачы. П'еса А.Валодзіна, пабудаваная як судовы разбор сямейных драм, на сцэне ТЮГа набыла форму клубнага вечара адпачынку з танцамі, забавамі, выпадковымі знаёмствамі. У гульню ўцягнуты ўсе ўдзельнікі спектакля, якімі кіруе выдумшчык-масавік. Рэжысёр М.Шыйко надаў дзеянню імклівы тэмпарытм, які пастаянна павялічваўся. Раз-пораз шалёны бег персанажаў па замкнёным коле перапыняўся. Наступала паўза, промень святла выхопліваў з натоўпу тую ці іншую сямейную пару, якая выносіла на суд гледача драму свайго скасаванага шлюбу. У калейдаскапічнай змене кароткіх эпізодаў вылучаліся гісторыі трох галоўных персанажаў: Каці і Міці, не здолеўшых зберагчы сваё шчасце, і Ірыны, якая добраахвотна пакідае Міцю, таму што адчувае: яна ніколі не заменіць у яго сэрцы адзінае страчанае каханне. Ж.Друцкая іграла Ірыну. Актрыса з вялікім драматызмам передала найтонкую гаму перажыванняў маладой жанчыны. Яе гераіня кранала безабароннасцю і адначасова сілай пачуцця, годнасцю, высакародствам. Невыпадкова крытык Т.Арлова вылучыла Ж.Друцкую сярод іншых выканаўцаў: «А вось тэма Ірыны ў спектаклі больш складаная і значная, чым у п'есе. Ж.Друцкая іграе ў стылістыцы спектакля, пры гэтым захоўвае сваю індывідуальнасць. Калі б на яе месцы аказалася іншая актрыса, спектакль адчувальна б страціў» («Вячэрні Мінск», 1977, 9 лютага). Падчас рэпетыцый А.Валодзін неаднаразова прыязджаў у тэатр, сустракаўся з акцёрамі, дзяліўся сваімі ўражаннямі. Пасля прэм'еры, якую драматург сустрэў вельмі прыхільна, ён напісаў на праграмцы Ж.Друцкай сваё прысвячэнне: «Незвычайна разумнай, незвычайна інтэлігентнай, незвычайна прыгожай Жанне ад аднаго з яе паклоннікаў. А.Валодзін». І ў гэтым не было ніякага перабольшання. Роля Ірыны стала сапраўднай удачай актрысы.

У параўнанні са спектаклем «З любімымі не расставайцеся», дзе першаснымі былі рэжысерская фантазія і вынаходлівасць, пастаноўка «Апошні тэрмін», ажыццёўленая М.Труханавым і В.Баркоўскім, вылучалася сціплай вонкавай формай. Яна разыгрывалася ў невялікім пакойчыку, куды глядач моўчкі паднімаўся па крутой лесвіцы. Узначальваў шэсце адзін з рэжысёраў, які трымаў у руцэ запаленую свечку. Гісторыя пра тое, як, не дачакаўшыся смерці хворай маці, дзеці раз'ехаліся па сваіх хатах, а ноччу старая Ганна памерла, гучала пранізліва, трывожна. Акцёры, у тым ліку і Ж.Друцкая ў ролі дачкі Люсі, адпаведна танальнасці аповесці В.Распуціна, пазбягалі выкрывальнага пафасу. Асноўнай выяўленчай фарбай акцёрскага выканання стала ціхая спавядальнасць. Эгаізм, чэрствасць герояў раскрываліся непрыкметна, спакваля ў малазначных словах, учынках у звычайных сямейных сварках. Сама 6удзённасць пакідала надзвычай моцнае ўражанне, таму што знутры раскрывала душы дзяцей, атручаныя абыякавасцю і цынізмам.

Увогуле ж, роля Люсі не зусім тыповая для Ж.Друцкай. За рэдкімі выключэннямі (Курачыха - «У спадчыну жыццё» А.Петрашкевіча, Мамаева – «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага) актрысе амаль не даводзілася іграць адмоўных персанажаў. Справа ў тым, што адкрытасць, дабрыня, цярплівае, спагадлівае стаўленне да людзей з'яўляюцца яе прыроджанымі чалавечымі якасцямі, што па-свойму адбіваецца на характарах сцэнічных гераінь. Менавіта шчодрай душэўнай цеплынёй, чуласцю, добразычлівасцю вызначаюцца вобразы цётухны Іў («Стваральніца цуду» У.Гібсана) Бабулі («Сястра мая Русалачка» Л.Разумоўскай паводле Г.-Х.Андэрсена.

Знешне жыццё Ж.Друцкай выглядае паспяховым і шчаслівым. Ёй было даравана вялікае каханне, яна мае двух сыноў - Ігара і Алега, якія кожны па-свойму доўжаць справу бацькі - вядомага кінарэжысёра В.Чацверыкова. Актрыса здымалася ў кіно, заўсёды была запатрабавана ў тэатры, якому аддана служыць вось ужо сорак гадоў. Нават переход на ўзроставыя ролі адбыўся арганічна і даволі лёгка. Але ж, як і большасць людзей, Ж.Друцкая зведала і хвіліны творчага расчаравання, і вялікае асабістае гора. Пераадолець выпрабаванні лёсу, захаваць сябе як асобу ёй дапамаглі цэласнасць натуры, унутраная гармонія, самаадданая любоў да мастацтва. I сёння Жанна Пятроўна Друцкая па-ранейшаму вабіць сваёй прыгажосцю і найкаштоўным талентам дабрыні.

Тамара Гаробчанка