На сцэне (люты)
ПнАтСрЧцПтСбНд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29

» Спектаклі ў сакавіку

Замовіць квіткі і атрымаць адказы на пытанні можна, патэлефанаваўшы на любы з гэтых тэлефонаў:

  • 017294-78-72
  • 278-95-72
  • 310-50-99
  • 029335-39-59
Дзе мы знаходзімся, ведаеце?

А дзе набыць квіткі?
Пошта ТЮГа

Ваш e-mail: *
Ваша імя: *

Прэса / 10.04.2004

Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса...

газета "Культура"
Спектакль «Тарас на Парнасе», пастаўлены на сцэне мінскага ТЮГа, выклікаў зацікаўленасць як гледачоў, так і крытыкаў. Першыя былі ў захапленні ад яркай эпатажнай пастаноўкі Наталья Башева. Другія ж успрынялі спектакль неадназначна, наконт яго выказваліся caмыя розныя думкі. Высветліць сітуацыю павінна была канферэнцыя з удзелам акцёраў, гледачоў і прафесійных крытыкаў, наладжаная сумеснымі намаганнямі Міністэрства культуры і ТЮГа. 

Да спектакля ў ТЮГу мне давялося паглядзець дзве пастаноўкі гэтай інсцэніроўкі Сяргея Кавалёва. У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа яе паставіў Аляксей Ляляўскі, а ў Студэнцкім тэатры БДАМ- тая ж Наталля Башава. Па сутнасці, гэты студэнцкі спектакль і быў перанесены на ТЮГаўскую сцэну, і некаторыя з акцёраў ТЮГа ігралі ў ім яшчэ ў сваю бытнасць студэнтамі. Само сабою, у ТЮГу спектакль «вырас», стаў больш зладжаным. Абедзве пастаноўкі Н.Башавай выгадна адрозніваюцца ад віцебскага спектакля, перадусім,- дынамічным рытмам і яркай відовішчнасцю. 

На жаль, акцэнт на візуальным радзе быў абумоўлены недахопамі самой п'есы, немагчымасцю «выцягнуць» з яе нешта, сур'ёзнае. І нельга спасылацца на жанр, бо камедыя павінна быць яскравай і смешнай, але - не беззмястоўнай. Твор С.Кавалёва дае магчымасць для яркага сцэнічнага вырашэння і толькі. 

Нехта заўважыць, што галоўная мэта гэтага спектакля -прывабіць у тэатр гледача. Але няўжо ўся справа толькі ў камерцыйнай стратэгіі? Нагадаю словы класіка пра тое, што спектаклі для дзяцей трэба ставіць гэтак жа, як і для дарослых, толькі лепш. Тэатр жа згадзіўся на інсцэніроўку «паводле...», якая не абцяжарана мудрай народнай філасофіяй ананімнага аўтара старадаўняй паэмы, зрабіўшы стаўку на відовішчнаць. 

Між тым, трэба адзначыць, што стаўка гэтая на знешнюю прывабнасць сябе апраўдала, у тым сэнсе, што пераважная большасць гледачоў цалкам прыняла спектакль. Гэта не дзіўна: яркае візуальнае рашэнне, энергетыка маладых выканаўцаў і выдатнае музычнае афармленне - усё гэта прываблівае. Пад фінальную кампазіцыю гурта «Стары Ольса» некаторыя гледачы не проста апладзіравалі - ледзь не танчылі. 

Таму падчас абмеркавання, якое адбывалася ўжо на Малой сцэне, публіка сапраўды ўзнесла «Тараса...» на Парнас. Адзначаліся і акцёрскія працы, і рэжысура, і цікавы сучасны падыход да класічнага твора. 

Крытыкі, сярод якіх былі доктар мастацтвазнаўства, прафесар Анатоль Сабалеўскі, доктар філасофіі, галоўны рэдактар часопіса «Мастацтва» Вадзім Салееў і тэатральны крытык Таццяна Команава, таксама не закрэслілі спектакль, але разам з тым слушна гаварылі і пра яго недахопы. 

Т.Команава адзначыла, што «паход» Тараса на Парнас не павінен заставацца прагулкай на прыродзе, а мусіць мець больш акрэсленую сэнсавую нагрузку. Падзеі, што адбыліся з палясоўшчыкам, павінны змяніць і свядомасць самога Тараса, і адкрыць сапраўдныя каштоўнасці жыцця для ўсіх навакольных. 

А.Сабалеўскі заўважыў, што менавіта слабасць драматургічнага матэрыялу прывяла да зацягнутасці спектакля, асабліва першых яго сцэн. I калі падкараціць некаторыя нумары, спектакль будзе запатрабаваны і годна ўвойдзе ў афішу. 

В.Салееў, у асноўным пагадзіўшыся з Анатолем Вікенцьевічам, пахваліў выканаўцу галоўнай ролі Тараса Андрей Кизино і дадаў, што, на яго погляд, гэты спектакль па глыбіні асэнсавання беларускай класікі можна паставіць нароўні з «Ідыліяй» у рэжысуры Мікалая Пінігіна. 

Падобныя імпрэзы-абмеркаванні - гэта, перадусім, сродак «зваротнай сувязі» з глядзельнай залай. I ладзяцца яны не толькі для тага, каб пачуць кампліменты, але і канкрэтныя заўвагі. Таму шкада, што, нягледзячы на існаванне палярных меркаванняў адносна спектакля, на самой канферэнцыі па-сапраўднаму вострай дыскусіі не адбылося. Але прыемна адзначыць, што кіраўніцтва тэатра разумее неабходнасць падобных сустрэч, якія, трэба спадзявацца, стануць традыцыйнымі. 

Раман АЛЬШЭЎСКІ