Замовіць квіткі і атрымаць адказы на пытанні можна, патэлефанаваўшы на любы з гэтых тэлефонаў:
- 017294-78-72
- 278-95-72
- 310-50-99
- 029335-39-59
А дзе набыць квіткі?
Прэса / 30.04.2004
«Тарас на Парнасе»: вопыт тэатральнай герменеўтыкі
З нагоды прэм'еры ў Рэспубліканскім тэатры юнага гледача.
«Слова у нас до важного самого в привычку входят, ветшают как платье», — сцвярджаў вядомы паэт.
I сапраўды, як прычэпіцца нешта неалагічнае, так і не сыходзіць з газетных старонак: адно выданне імкнецца пафранціць перад іншым. Так і вядзецца: «імідж», «рыэлтэр», «менталітэт». Прычым, журналісты не надта і задумваюцца над зместам слова, над паняццем: галоўнае — вось гэтак зухавата вываліць на чытача (маўляў, адразу відаць ультрасучаснае!), а там — няхай яно хоць спрахне.
Гэтую хваробу сучаснай публіцыстыкі час-почас падхопліваюць нават навукоўцы. Вядомы сёння драматург Сяргей Кавалёў, як давялося даведацца з прэсы, большую частку сваіх твораў заносіць у так званы «герменеўтычны праект». Але паняцце «герменеўтыка», вядомае са старажытнасці, у наш час набывае дваісты сэнс. У старажытнасці лічылася навукай аб тлумачэнні — інтэрпрэтацыі біблейскіх пастулатаў. Цяпер філосафы ўсё больш схіляюцца да таго, што герменеўтыка датычыць праблем паразумення. Але ж з XIX ст. ад Ф.Шляйермахера ідзе трактоўка герменеўтыкі як спецыфічнай метадалогі навук аб духу, духоўным...
...I з гэтага пункту погляду п'еса «Тарас на Парнасе» ў «пантэоне» С.Кавалёва сталася і сапраўды найбольш «герменеўтычнай». Знакамітая ананімная беларуская паэма была перакладзена на драматургічную мову так адвольна, што нават звычайнае ў літаратурна- драматычнай практыцы клішэ «па матывах», ужытае і тут, падаецца штучна прыцягнутым... Зразумела, што перакласці паэзію (тым больш, caпpaўдную паэзію!) на мову сцэны вельмі складана, і таму можна лічыць твор С.Кавалёва амаль цалкам самастойным. Але, трэба аб'ектыўна адзначыць, якасць зробленага драматургам па прынцыпе «што магло б быць» (паводле ягоных слоў) аказалася значна ніжэйшая за магчымы чаканы ўплыў на чытача класічнай паэмы... Аднак, згодна з патрабаваннямі той жа аб'ектыўнасці, можна казаць, што ў драматургічным варыянце «Тараса на Парнасе» з'явілася новая ідэя. Прынятая тэатрам, яна вырасла ў «звышзадачу», якая не толькі ўзбагачае спектакль, але і значна выходзіць за пазначаныя межы яго жанру — «сцэнічны жарт».
Гэтая «звышзадача», на мой погляд, ёсць сцвярджэнне годнасці беларускага нацыянальнага адчування свету, супадзенне лепшых рысаў беларускага нацыянальнага характару і беларускай ментальнасці з агульначалавечымі каштоўнасцямі. Інакш як можна растлумачыць факт, што просты беларускі селянін Тарас, трапіўшы на Парнас, аказваецца здольны не толькі замяніць на пэўны час уладара Зеўса, але і паказаць сябе добрым і разумным кіраўніком, спагадлівым мужам, ласкавым і вялікадушным бацькам?
Зразумела, пры такой трактоўцы галоўны цяжар кладзецца на рэжысёра-пастаноўшчыка і акцёра — выканаўцу галоўнай ролі. I яны абое справіліся! Toe, што ў спектаклі ёсць сапраўдны Тарас, беларус, знакаміты палясоўшчык (які часам нагадвае іншага знакамітага персанажа — Несцерку), — вялікая заслуга рэжысёра Наталья Башева і акцёра Андрей Кизино. Гэта галоўная творчая заваёва спектакля, якая шмат у чым кампенсуе драматургічныя недахопы і даволі абстрактную, з акцэнтам на мадэрнізм (але цікавую!) сцэнаграфію Лариса Рулёва.
Наогул, пастаноўка вызначаецца добрым і пераважна пераканаўчым рэжысёрскім вырашэннем. За выключэннем некаторых пачатковых мізансцэн, спектакль пабудаваны ў адзіным арганічным ключы, з тонка распрацаванымі пераходамі тэмпарытмаў. У выніку перад намі разгортваецца як бы кампаратыўнае дзеянне: тут, у рэальнасці, на беларускай зямлі — і, паралельна, там, на Парнасе, у асяроддзі багоў. Не, напрамілы Бог, далёка не ўсё можа быць прызнана ў прэм'ерным спектаклі ТЮГа дасканалым. Уся лінія «Апалон — паэты», як гаворыцца, не цягне. Можа, з-за таго, што не саспеў як акцёр малады Андрей Коломиец (Апалон), і пакуль недастаткова выразнымі выглядаюць на сцэне паэты (Василий Козлов, Виктор Немец, Иван Ушакевич), і Гера ў выкананні Наталья Горбатенко куды менш пераканальная, чым яе ж Параска. У кожным разе, назіраць, як прамаўляюцца «ў паветра» знакамітыя пастулаты вялікага Платона (Апалон імкнецца выявіць перад паэтамі сутнасць ідэальнай паэзіі), мне, эстэтыку, балюча... Хацелася таксама, каб была ўзмоцнена і тэма, якую так добра выяўляе (праўда, у не зусім распрацаваным выглядзе) Юрий Жигамонт у вобразе свайго Севярына. Гэта тэма шляхціца, тэма інтэлігентнага аблічча, уласцівага беларускаму нацыянальнаму характару...
Але пазітыву ў спектаклі куды больш...
Тонкая, часам віртуозная рэжысура Н.Башавай арганічна падтрымліваецца з густам абранай музыкай. Ізноў у параўнальным вымярэнні: побач з кампазіцьіямі гурта старажытнай, беларускай музыкі «Стары Ольса» і фолк-гурта «Ліцьвіны» гучыць старажытная грэчаская этнічная музыка, а наша «Лявоніха» перамяжаецца са знакамітай мелодыяй «Грэк Зорба»... А які энтузіязм, якая магутная энергетыка зыходзіць ад маладых выканаўцаў, як яна перадаецца гледачам у зале...
Да ўжо адзначаных удалых сцэнічных работ Андрэя Кизино, Юрыя Жыгамонта, варта дадаць яшчэ ролі Владимир Иванов (Грышка, Геркулес), Ольга Ероховец (Вераніка, Венера), Екатерина Купченко (Зоська, Геба) і — усю атмасферу спектакля. Фінал яго вырашаны ў дакладна акрэсленай рытміцы, якая горача падтрымліваецца гледачамі. Рэдка даводзіцца бачыць, каб твор на класічнай аснове выклікаў падобную рэакцыю. I гэта адзін з самых станоўчых вынікаў пастаноўкі.
Другі станоўчы вынік датычыць непасрэдна мастацтва. Згадайма паняцце «герменеўтыка». Прэм'ера ТЮГа прадэманстравала новы падыход да сцэнічнага мастацтва, падыход, які, на мой погляд, можа быць вельмі канструктыўны ў тэатры XXI стагоддзя. На аснове драматургічнай думкі ствараецца спектакль уласнымі сродкамі тэатра ў разліку на ўспрыманне сучаснага гледача. Таму тэатр і сам працаваў з драматургам, і вынік гэтай працы бачыцца хаця б у з'яўленні Амура - (Михаил Есьман) у якасці аўтара-апавядальніка, які знітоўвае асобныя сцэны. Зразумела, пры такім падыходзе адмысловае значэнне мае цэласнасць відовішча: музыка, сцэнаграфія, акцёрскія работы, — усё павінна дапаўняць адно аднае.
...Што ж, вопыт герменеўтычнага спектакля на сцэне ТЮГа, пры некаторых бачных недахопах, з аб'ектыўнага пункту гледжання мусіць быць прызнаны пазітыўным...
...Але ці не збочваюць яго стваральнікі на сцяжыну «прафесійнай зашоранасці», калі акцэнты ставяцца на прафесійных тонкасцях, а твор нібы застаецца самнасам з гледачом? У некаторых СМІ прамільгнула: маўляў, падлеткі не зразумеюць сэнсу класічнага твора, будуць мець скажонае ўяўленне пра літаратурны арыгінал і г.д.
Не, і яшчэ раз не!
Праз яркае захапляльнае відовішча праглядвае тое, што складае самую сутнасць «Тарас на Парнасе». I — сутнасць герменеўтычнага падыходу да мастацтва, бо паразуменне тут супадае з інтэрпрэтацыяй. Высновы з убачанага? Няма нічога вышэй за Радзіму. Няма нічога даражэй за чалавека, які з годнасцю жыве на сваёй зямлі, у дабрыні і спагадзе да іншых людзей. Гэта і ёсць «соль зямлі». Учора, сёння і на вякі.
доктар філасофскіх навук,
тэатральны крытык
(люты)

, інтэрнэт прадстаўлены