
Каманда інтэграванага КВК (інвалідаў з не інвалідамі) «Battl-e-йка», у склад якой уваходзяць супрацоўнікі ТЮГа і артысты адмысловага тэатра «Мімоза», прыняла ўдзел у І Міжнародных гульнях Украінскай Адкрытай Лігі Інтэграванага КВК. Гульні ладзіліся пад дэвізам «Магчыма ўсё!» з 26 па 29 красавіка 2010 года ў
г. Адэса ў Палацы культуры «Політэхнічны».
У фестывалі ўдзельнічалі 8 камандаў з Адэсы, Санкт-Пецярбурга, Цюмені, Кастрамы і Мінска. Адзінае прызавое месца дасталося камандзе з Цюмені, хаця мінская «Battl-e-йка» была ў відавочных фаварытах, за што і была ўзнагароджана ганаровым кубкам, граматай і дыпломам. У складзе журы і арганізатараў фестываля былі вядомыя ветэраны адэскага КВК, удзельнікі тэлепраграмаў "Джэнтльмен-шоў" і "Маскі-шоў".

Нагадваем, што мэта гульняў інтэграванага КВК - сацыякультурная і сацыяльна-псіхалагічная адаптацыя і інтэграцыя інвалідаў у грамадства і іх рэабілітацыя, выхаванне талерантных адносін паміж інвалідамі і не інвалідамі.
Асноўныя ўмовы ўдзелу ў гульнях ІКВК:
- У склад інтэграванай каманды ўваходзяць інваліды (прыблізна 50%) і не інваліды, агульнай колькасцю да 10 чалавек (у камандзе «Battl-e-йка» з 8-мі ўдзельнікаў пяцёра маюць розную ступень інваліднасці);
- Традыцыйна ўдзельнікі ІКВК спаборнічаюць у 2-ух конкурсах: фрыстайл (загадзя падрыхтаваны выступ) і размінка (аператыўныя адказы на пытанні) - па выніках конкурса "фрыстайл" «Battl-e-йка» заняла другую пазіцыю.

Каманда «Battl-e-йка» выказвае ўдзячнасць кіраўніцтву Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Цэнтральнай публічнай бібліятэкі імя Я. Купалы, дабрачыннаму фонду "Адраджэнне-Старт", а таксама арганізатарам гульняў – дабрачыннаму фонду «Малады інвалід» (Адэса) і Інстытуту Садружнасці незалежных дзяржаваў (Масква).

Склад каманды «Battl-e-йка»: Андрэй Суднік, Ілля Мітрафанаў, Каця Труханава, Арына Мармылёва, Аляксандр Разанцаў (артысты тэатра «Мімоза»), Наталля Мельнікава (рэжысёр, магістрант БДУКМ), Вольга Прохарава (ТЮГ, педагог-арганізатар, кіраўнік каманды), Алесь Суходолаў (ТЮГ, літ. рэдактар).
У другі раз прымаючы ўдзел у гульнях інтэграванага КВК, Тэатр юнага гледача хоча звярнуць увагу грамадскасці на праблему сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў і з'яву інтэграванага КВК як эфектыўны сродак яе пераадолення.

«Battl-e-йка» сярод арганізатараў

Прывітанне з мора!