25 чэрвеня 2009 года акторка Тэатра юнага гледача Жанета Чацверыкова (Друцкая) атрымала дзяржаўную ўзнагароду - Медаль Францыска Скарыны.![druckaya_medal [1024x768]](/images/Persons/Actors/Druckaya/druckaya_medal [1024x768].jpg)
Жанета Пятроўна Чацверыкова (Друцкая) - адна з вядучых акторак Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Свой творчы шлях распачала яшчэ ў студэнцкія гады, калі ў 1962 годзе на сцэне ТЮГа паспяхова выканала ролю Святланы Зямцовай у спектаклі "Старацелі" А.Пралоўскага.
Па заканчэнні Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер - Акадэмія мастацтваў) ў 1963 годзе Ж.П.Чацверыкова (Друцкая) была залічана ў трупу тэатра і з першых крокаў выявіла сябе творчай і адметна адоранай асобай.
Акторская абаяльнасць, самабытнасць, тонкі лірызм акторкі абумовілі поспех разнастайных сцэнічных вобразаў у класічнай і сучаснай драматургіі. Вялікі поспех у публікі і высокую ацэнку крытыкі займелі ролі Ірыны ("З любімымі не расставайцеся" А.Валодзіна), Усціння Навумаўна ("Банкрут" А.Астроўскага), Люся ("Апошні тэрмін" паводле В.Распуціна), Царыца ("Пушкінскія казкі"), Лізавета Іванаўна ("Залаты медаль") і Галіна Аркадзеўна ("Не верце цішыні") І.Шамякіна, Курачыха ("У спадчыну - жыццё") А.Петрашкевіча, Паланея ("Прымакі" Янкі Купалы), Баранеса ("Голы кароль" Я.Шварца).
Сталае майстэрства актрысы вызначае сцэнічныя працы ў бягучым рэпертуатры тэатра: Цётухна Іў ("Стваральніца цуду" У.Гібсана), Бабуля ("Сястра мая Русалачка" Л.Разумоўскай), Медсястра ("Пацалунак ночы" С.Кавалёва), Фея-хросная ("Папялушка" Т.Габэ), Бабуля ("Каралеўства крывых люстэрак" В.Губарава і А.Успенскага), Матруна ("Рыцар ордэна сонца" П.Васючэнкі).
Шмат гадоў Жанета Пятроўна плённа супрацоўнічае з беларускім радыё і тэлебачаннем, паспяхова здымаецца ў кіно. Сярод найбольш вядомых фільмаў з яе ўдзелам - "Зацішша", "Руіны страляюць...", "Ідзі і глядзі", "Свой сад", "Снягурка", "Не забудзьцеся выключыць тэлевізар".
Высокая прафесійнасць і творчая адданасць тэатру актрысы Жанеты Чацверыковай (Друцкай) у сакавіку 2001 года адзначана прызам Беларускага саюза тэатральных дзеячаў "Крыштальная Зорка".

