Замовіць квіткі і атрымаць адказы на пытанні можна, патэлефанаваўшы на любы з гэтых тэлефонаў:
- 017294-78-72
- 278-95-72
- 310-50-99
- 029335-39-59
А дзе набыць квіткі?
Гісторыя тэатра
Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача мае больш за паўвекавую гісторыю. Першы Тэатр юнага гледача адкрыты ў Мінску ў 1931 г. і праіснаваў да ліпеня 1941 г. У 1956 г. беларускі ТЮГ адкрыўся зноўку.
Урачыстае адкрыццё Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача адбылося 8 красавіка 1956 года. Гледачам былі паказаны сцэны з трох спектакляў: з інсцэніроўкі рамана М. Астроўскага «Як гартавалася сталь», з казкі «Горад майстроў» Т. Габе і з сучаснай драмы «Каханне Ані Бярозка» У. Пістоленкі.

Л. Мазалеўская ў пошуках арыгінальнага беларускага рэпертуару, які дапамог бы калектыву паказаць сваю ўласную творчую асобу, разгарнула шырокае супрацоўніцтва тэатра з пачаткоўцамі, пакуль мала вядомымі, але таленавітымі беларускімі драматургамі. У 1957 годзе была пастаўлена п'еса маладога настаўніка з Віцебска Я. Пасава «Аркадзь Жыгалкін», услед за ёй дэбютавалі А. Гутковіч і У. Хазанскі з п'есай «Юныя мсціўцы», затым І. Шамякін, А. Вольскі, П. Макаль і т. д. Трошкі пазней М. Гамолка, У. Мяхоў, А. Махнач, Я. Шабан, А. Дудараў і іншыя, што сталі пасля вядомымі драматургамі, пісьменнікамі, публіцыстамі.
Новым словам для Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача і для ўсяго беларускага сцэнічнага мастацтва стала пастаноўка п'есы «Кветка папараці» (1957 г.) маладога драматурга Івана Козела. Яркай нацыянальнай своеасаблівасцю адрознівалася і іншая п'еса І. Козела ў пастаноўцы Л. Мазалеўскай «Над хвалямі Серабранкі» (1961 г.), якая падагульняла вынікі пяцігадовай працы тэатра і карысталася заслужаным поспехам у гледачоў.
Са зменай мастацкага кіраўніцтва (узначаліў Б. Дакутовіч) у новых п'есах, прызначаных, у асноўным, для падлеткавай аўдыторыі, загучала рамантыка-прыгодніцкая і рэвалюцыйна-гераічная тэма. Падзеяй тэатральнага жыцця тых гадоў стала яркая, набліжаная да сучаснасці першая пастаноўка на беларускай сцэне п'есы У. Маякоўскага «Клоп» (1962 г.). У друку гаварылася: «Спектакль «Клоп» не проста добрая пастаноўка п'есы У. Маякоўскага, а вялікая падзея ў мастацтве, значэнне якой выходзіць за межы рэспублікі».
Аб шырэйшых магчымасцях трупы ТЮГа сведчыў спектакль «Прыгоды Бураціна» паводле А. Талстога, пастаўлены ў 1966 годзе ў новым для Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача жанры мюзікла запрошаным з Рыгі рэжысёрам М. Шыйко. Гледачоў захаплялі дынамічная сучасная музыка Райманда Паўлса, супермодныя гарнітуры Лісы і Ката, актыўна выкарыстаная ў спектаклі складаная машынерыя сцэны. У ролі Бураціна дэбютавала тады маладая акторка ТЮГа Кацярына Доўнар.
У пачатку 70-х гг. М. Шыйко ўзначаліў творчае кіраўніцтва тэатрам. У гэты час у тэатры ўзмацнілася тэндэнцыя да больш «дарослага» рэпертуару. Пра што гаворыць спектакль «З каханымі не раставайцеся» А. Валодзіна (1972), пастаўлены М. Шыйко як спектакль-дыспут пра каханне. Спектакль быў прызнаны лепшым на Фэстывалі моладзевых тэатраў Прыбалтыкі і Беларусі ў 1973 годзе ў Рызе.
У сярэдзіне 70-х гадоў калектыў узначаліў Г. Баравік. Значную ролю ў пашырэнні творчага далягляду адыгралі сустрэчы з запрошанымі на пастаноўкі вядомымі рэжысёрамі, такімі як Б. Эрын, П. Хомскі, У. Салюк і інш. У другой палове 70-х гадоў у тэатры была створана малая сцэна, на якой былі пастаўлены такія спектаклі, як «Апошні тэрмін» паводле У. Распуціна, «Эдзіт Піяф» В. Легентава, пазней - «Гісторыя кахання Паласатага Ката і сеньярыты Ластаўкі» паводле Ж. Амаду.
Сярод спектакляў канца 1970-х гадоў асабліва вылучаўся багатай мовай пластыкі і філасофскім роздумам пра добрае і злое спектакль «Бэмбі» паводле Ф. Зальтэна ў пастаноўцы рэжысёра Ю. Міроненкі. Выканаўцам роляў Маці (А. Катковіч), Бэмбі (С. Журавель), Важака (А. Жук) была прысуджаная прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі.
Прыкметныя змены ў творчасці тэатра першай паловы 1990-х гадоў звязаныя з дзейнасцю галоўнага рэжысёра М. Абрамава. Тэатр зрабіў свой унёсак у адраджэнне нацыянальнай культуры, калі даў на сваіх падмостках жыццё вядомай паэме эпохі Рэнесансу «Песня пра зубра» М. Гусоўскага (1994). Сярод лепшых спектакляў для старэйшых школьнікаў вылучаліся «Банкрут» А. Астроўскага («Свае людзі — злічымся», 1990), пастаўлены ў жанры музычнай камедыі, а таксама эмацыйна насычаная, псіхалагічная, вострадраматычная п'еса «Стваральніца цуду» У. Гібсана (1994).
У другой палове 1990-х гадоў новы мастацкі кіраўнік А. Андросік вызначае асноўны кірунак дзейнасці тэатра пад дэвізам: «Тэатр для дзяцей з бацькамі». Праводзіліся «Дні сям'і ў тэатры», конкурс «Любім тэатр з дзяцінства». Праграмным стаў кранальны спектакль аб высакароднасці і дабрыні «Маленькі лорд Фаўнтлярой» паводле аповесці англаамерыканскай пісьменніцы Ф. Бернет (адзначаны прэміяй Конкурсу на лепшы спектакль для дзяцей у драматычных тэатрах Беларусі, 1998). Паспяховым быў новы зварот да драматургіі К. Гоцы: «Шчаслівыя жабракі» (1997) - гарэзлівае тэатральнае прадстаўленне ў стылі камедыі-дэль-артэ з пралогам беларускага паэта Рыгора Барадуліна, у пастаноўцы вядомага, зараз ужо маскоўскага, рэжысёра М. Шыйко.
Рэпертуарная і творчая палітыка Тэатра юнага гледача, што праводзілася Наталляй Башавай (галоўны рэжысёр у 2003-2010 гг.), была скіравана на шчыры дыялог з дзіцяці, даследаванне яго ўнутранага свету, раскрыццё праблемных для яго тэм («Пацалунак ночы» С. Кавалёва). Атрымаў сваё развіццё тэатр для дзяцей з бацькамі, рэпертуар якога папоўніўся новымі спектаклямі, такімі як "Паліяна" паводле аповесці Э. Портэр. Найбольш яркімі пастаноўкамі гэтага перыяду можна па праве лічыць: калядную казку-прытчу «Дарога на Віфлеем» С. Кавалёва (дыпламант фэстывалю «Маладзечанская сакавіца» 2001 г. за яркае рэжысёрскае ўвасабленне духоўнага жыцця), «Апошні двубой» пра жыццё А. Пушкіна, «Тарас на Парнасе» С. Кавалёва, што стаў своеасаблівай візітоўкай тэатра, і шматлікія іншыя.
З 2010 г. творчы калектыў ТЮГа ўзначаліў рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Я. Купалы Уладзімір Савіцкі. З прыходам новага мастацкага кіраўніка ўзрос інтарэс тэатра да твораў беларускай нацыянальнай класікі, павысіліся патрабаванні да якасці рэжысуры. Аднак не застаецца без увагі і наш самы маленькі глядач, пра што сведчыць яркая прэм'ера імпрэзы «Брык і Шуся шукаюць лета» Т. Сівец.
Тэатр шмат гастраляваў па рэспубліцы, выступаў за яе межамі, у тым ліку ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Адэсе, Львове, Рызе, Вільнюсе, Таліне, Екацерынбургу. Прымаў удзел у фэстывалях: усесаюзных (Масква, 1958, 1962, 1969; Тбілісі, 1983), міжрэспубліканскіх, Прыбалтыкі і Беларусі (Рыга, 1973, 1977), а таксама ў Першым усеўкраінскім дабрачынным "Створым казку" у Днепрапятроўску (1993). З 1990-х гадоў удзельнічае ў фестывалях, што ладзяцца ў Беларусі: міжнародных "Славянскія тэатральныя сустрэчы" і "Белая Вежа", рэспубліканскім "Маладзечанская сакавіца". У 2004 годзе тэатр прыняў удзел у Міжнародным фэстывалі спектакляў для падлеткаў «На парозе юнацтва» (г. Разань), Міжнародным тэлевізійна-тэатральным фестывалі «Ажыўшая казка» (г. Масква).

Будынак тэатра збудаваны ў 1956 годзе (архітэктары А. Ваяроў, Л. Усава) на аснове рэканструкцыі відовішчнай групы памяшканняў Палаца піянераў і школьнікаў, з якім утварае адзіную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю. Мае сіметрычную планіровачную схему: на галоўнай восі знаходзяцца вестыбюль, прамавугольнай формы глядзельная зала на 455 месцаў (з партэрам, амфітэатрам, дзвюма бакавымі ложамі), кулуары. Галоўны ўваход вылучаны 6-калонным порцікам карынфскага ордэра. Са студзеня 2009 года будынак знаходзіцца на рэканструкцыі, якую плануецца завяршыць да 2013 г., цалкам захаваўшы аблічча помніка архітэктуры, якім з'яўляецца будынак ТЮГа.
(люты)

, інтэрнэт прадстаўлены